“ДАБРАВЕШЧАННІКО СВЯТОЕ, ПАШЛІ СОНЕЙКА ЗАЛАТОЕ”...даследчая работа на занятках па беларускай мове
Размер:
A A A
Цвет: C C C
Изображения Вкл. Выкл.
Обычная версия сайта

“ДАБРАВЕШЧАННІКО СВЯТОЕ, ПАШЛІ СОНЕЙКА ЗАЛАТОЕ”...даследчая работа на занятках па беларускай мове

 

Адным з самых важных святаў у народным календары беларусаў лічыцца Благавешчанне, якое адначаецца 7 красавіка (па новым стылі). У розных месцах нашай краіны гэтае свята яшчэ называюць Дабравешчанне або Звеставанне. Назва выразна паказвае на сутнасць свята – у гэты дзень архангел Гаўрыіл прынёс Дзеве Марыі добрую вестку: у свой час Яна народзіць Ісуса Хрыста.

З нагоды гэтага свята студэнты груп Л-135 і Л-136 на занятках па беларускай мове па выніках праведзенай даследчай работы зрабілі паведамленні пра асаблівасці ўшанавання гэтага дня ў народнай культуры беларусаў, а таксама паказалі некаторыя элементы святкавання, якое адбывалася ў розных рэгіёнах Беларусі. З выступленняў можна было даведацца, што на Благавешчанне забаранялася што б там ні было рабіць, што гэты дзень лічыўся святам прылёту буслоў, а самае галоўнае, што да Звеставання нельга было чапаць зямлю, г.зн., нельга было араць, сеяць і праводзіць іншыя работы, а ў некаторых месцах Беларусі да гэтага дня нельга было нават ставіць помнікі на могілках.

У народным календары беларусаў яшчэ з часоў язычніцтва гэтая пара лічылася спрыяльнай для гукання вясны. Дзяўчаты падымаліся на самае высокае месца ў наваколлі вёскі і спявалі вяснянкі. Таксама Благавешчанне было важным днём для прадказання надвор’я: калі было цёпла, то мусіла быць марозная восень, а калі снег яшчэ да гэтай пары не сышоў, то восень чакалася цёплай. На Звеставанне рабілі прагнозы на ўраджай: калі ідзе дождж – будзе многа хлеба, а калі сонечна, то ўраджай будзе ўмераны. Гаварылі таксама, што такое ж надвор’е, як на Благавешчанне, павінна паўтарыцца на Вялікдзень.

Супрацоўнікі кафедры замежных моў лічаць, што такія даследаванні беларускага народнага календара дазваляюць узбагаціць духоўны свет будучых медыкаў і плануюць працягваць культуралагічныя даследаванні са студэнтамі. 

Кафедра замежных моў 



Поделиться