Багата талентаў нарадзіла Гомельскае Палессе. 30 студзеня 1921 года ў беднай сялянскай сям’і ў в. Карма Добрушскага раёна нарадзіўся Іван Шамякін, будучы беларускі пісьменнік. «Біяграфія мая надзвычай кароткая і вельмі звычайная», – сціпла пісаў пра сябе зусім незвычайны пісьменнік.
У 1936 годзе Іван Шамякін заканчвае Макаўскую сярэднюю школу і паступае ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Пасля заканчэння тэхнікума едзе працаваць у Беласток па размеркаванню. Праз два гады ажаніўся. Як распавядаў сам Шамякін, ведаў яе з пятага класа, а потым выпадкова сустрэў у кіно перад пачаткам трэцяга курса і «па-сапраўднаму і вельмі палымяна закахаўся ў студэнтку-медычку Машу Кротаву». Каханне гэтае прайшло выпрабаванне вайной. Але, нягледзячы на цяжкасці, сямейнае жыццё было шчаслівым, нарадзілася чацвёра дзяцей. Шамякін вельмі захапляўся жонкай і зрабіў яе прататыпам многіх вобразаў у сваіх раманах. Працаваў настаўнікам у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна Гомельскай вобласці. З 1946 года вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута.
У гады вайны з вершамі і нарысамі выступаў у армейскім друку. Першы празаічны твор «Помста» быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1945 годзе. Іван Шамякін прыйшоў у літаратуру з творамі пра Вялікую Айчынную вайну. Як пісаў сам класік: «Я дакладна ведаю і магу сказаць, што буду звяртацца да ваеннай тэмы, мабыць, да канца свайго жыцця».
Ён быў прызнаным пісьменнікам, але ра-зам з тым чалавекам, якому шмат давялося перажыць. Рана застаўся без бацькоў, трагічна загінула сястра. Ад пачатку да канца прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. Цяжка перажыў заўчасную смерць сына, несуцешным болем заставалася для яго страта адзінай і любай жонкі Марыі Філатаўны, з якой у згодзе пражылі больш за паўвека.
Пісьменнік аддана служыў нацыянальнай літаратуры. За 60 год ім напісана шмат буйных твораў мастацкай прозы, п’ес і сцэнарыяў, выдадзена некалькі кніг публіцыстыкі, якія ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай культуры. Іван Шамякін – аўтар вядомых раманаў «Глыбокая плынь», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», пенталогія «Трывожнае шчасце » і інш.
Іван Пятровіч Шамякін – яркі прыклад пісьменніка-грамадзяніна, які прысвяціў свой велізарны талент служэнню Айчыне і беларускай літаратуры. Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій Беларусі і СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, адзін з беларускіх літаратараў, якога паважліва называлі «жывым класікам».
У гонар народнага пісьменніка адкрыты помнік у в. Карма Добрушскага раёна. Імeм Івана Шамякіна нaзвaны Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт, вуліца ў Мінску і інш.
Анастасія Дарошчанка, Л-639, клуб юнага журналіста «36 і 6»