27 чэрвеня група студэнтаў ГДМУ з Туркменістана, Індыі, Шры-Ланкі і Лівана наведала спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы, што праводзіліся ў рамках Другіх Еўрапейскіх Гульняў у прасторы комплекса “Мінск-Арэна”.
Разам з выкладчыкамі кафедры рускай мовы як замежнай С.У. Пагодзінай, В.А. Маляўка, А.Ю. Крахмальнікам і А.Я. Марозавай яны атрымалі непаўторнае задавальненне ад прагляду выступаў спартсменаў з розных краін, у тым ліку Беларусі, Расіі, Украіны, Чэхіі, Велікабрытаніі, Нідэрландаў, Кіпра, Ізраіля і інш.
Уся група актыўна падтрымлівала айчынных гімнастаў і назірала за імі падчас знаходжання на пляцоўцы.
Вольны час замежныя хлопцы і дзяўчаты бавілі каля будынка “Мінск-Арэны”, дзе можна было зрабіць нямала яскравых фотаздымкаў, у тым ліку і з мясцовымі валанцёрамі, набыць сувеніры і нават паспрабаваць свае сілы ў трапнасці.
Экскурсантам вельмі пашчасціла і з надвор’ем: нягледзячы на моцны дождж зранку і на працягу пераезду ў аўтобусе, Мінск сустрэў гасцей камфортнай тэмпературай і нават сонечнымі промнямі.
Выказваем вялікую падзяку адміністрацыі ўніверсітэта, а таксама факультэта ФПСЗК за магчымасць наведаць значнае міжнароднае мерапрыемства, а таксама на свае вочы пабачыць майстроў спартыўнай гімнастыкі ў адным з найбольш прэстыжных комплексаў Беларусі.
Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы студэнтаў да наведвання сталіцы таксама прынялі выкладчыкі кафедры рускай мовы як замежнай і выхавальнікі інтэрнатаў № 1 і № 3 Г.М. Якуш і А.К. Трыфанава.
Выкладчык кафедры рускай мовы як замежнай А.Ю. Крахмальнік