Сейчас 75 гостей онлайн


Слова кожнае і кожны сказ бацькоўскі

Змалку трэба моцна бараніць…

Па дарозе доўгай, бруднай, коўзкай

Мовы матчынай запомні карані…

                                      Пімен Панчанка

 

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца

Міжнародны дзень роднай мовы


Гэта цудоўнае свята, якое адзначаецца штогод з мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасцю і шматмоўнай адукацыяй і спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый. Пачалі адзначаць гэта свята ў 2000 годзе. 

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Cёння у свеце шмат цудоўных моў.  Але ў  кожнага  чалавека  ёсць толькі  адна родная мова, якая завецца роднай.    

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.

Баравая ў казачнай красе.

Старажытная. Ты самая славянская.

Светлая, як травы ў расе.

Вобразная, вольная, пявучая,

Мова беларуская мая!

(П. Панчанка. “Беларуская мова”)

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі размаўляць па-беларуску.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. 

Змітрок Бядуля


У гонар гэтай падзеі кафедра замежных моў і студэнты нашага ўніверсітэту прынялі ўдзел у акцыі “Мова мая, я з табою ў жыцці шчасце маю…”, якая праходзiла у ГДУ iмя Ф.Скарыны. У межах мерапрыемству быў праведзены ўсеагульны дыктант. Акрамя таго, жадаючыя прынялі ўдзел у флэшмобе "Гавары са мной па-беларуску".

Студэнты факультэту падрыхтоўкі спецыялістаў для замежных краін (гр.103) падрыхтавалi вершы на роднай мове і прынялi ўдзел ў конкурсе чытальнікаў.

Так, туркменскія студэнты Бабаев К., Байрамава Г., Гурбангулыеў Х., Эзімаў Р. чыталі на туркменскай мове ўрыўкі з твораў Махтумкулі, Гурбанназара Эзізова, Керыма Гурбаннепесава, першага Прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава. Эль Салом Шарыф, студэнт з Сірыі, чытаў на арабскай мове прыгожыя радкі пра любоў Нізара Кпані. 

Кожны на высокім узроўні данёс прыгажосць і меладычнасць сваёй роднай мовы.

Таксама, аб'яўлены гарадскі конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў "Мая родная мова".

Аддзел iнфармацыйных тэхналогiй 

 


























Учреждение образования «Гомельский государственный медицинский университет»

246000, г. Гомель, ул. Ланге, 5 тел.: +375 (232) 75-60-82, факс: +375 (232) 75-51-31
e-mail: gsmu@gsmu.by

Copyright © 2017. Гомельский государственный медицинский университет